Больше цитат

Krysty-Krysty

26 апреля 2017 г., 19:38

КАЗКА
Ну сядай, сядай са мной, калі ласка,
Навальніцы песня старая-старая.
Слухай казку. Апошнюю казку.
Яна на тваіх вачох памірае.
Ў гэтай казцы яліны лапы схілілі.
Візантыйскі захад у алым дыме...
«Зялёная сарока кашку варыла,
Зялёная сарока з дурнымі вачыма...»
У кулінарную кнігу глядзела,
Чухала патыліцу драўлянаю лыжкай,
I дзеткі кашку да лыжкі з'елі,
А нам з табой не далі ані крышкі.
Ты смяешся? Такога няма на свеце?
Не смейся, любая, свет шырокі.
Мы з табою толькі дурныя дзеці.
Нам добра з гэтай чубатай сарокай.
Сарокі розныя рэчы крадуць,
I, можа, ў гняздзе яе, з золатам поруч,
Ляжыць каханне, святло і радасць,
Што прынесла сарока з-за сіняга мора.
Аддайце, сарока. Няма ўжо сілы.
Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Дай я цябе пацалую, мілая.
А каша?
Чорт з гэтай кашай, нарэшце.