Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

20 августа 2019 г. 10:58

361

5

Для мяне было ў нейкім сэнсе адкрыццём, што першая кніга паэткі выйшла пад імем Данута Бічэль. І толькі з другой кнігі "Нёман ідзе", на вокладцы з'явілася імя Данута Бічэль-Загнетава - дадалося прозвішча мужа. Аднак найноўшыя кнігі паэткі зноў выходзяць пад імем Данута Бічэль. З тае прычыны крыху ўзнікла блытаніна нават у энцыклапедыях і даведніках. Нават у Вікіпедыі, якіх беларусы маюць дзве. У адной артыкул называецца Данута Бічэль-Загнетава, у другой Данута Бічэль. Але ўсё ж варта ўважаць жаданне самой паэткі і вярнуцца да яе першапачатковага літаратурнага імя.

Зборнік "Дзявочае сэрца" па-дзявочаму шчыры і лірычны. Не цяжка было здагадацца, што ў зборніку будуць вершы з прызнаннем у любові і да роднай вёскі Біскупцы, і да Гродна, горада, які стаў родным і дарагім яшчэ ў маладосці. Прычым паэтка, якой было 24 гады, ўжо тады пачала дыскусію: дык як правільна называць горад: Гродна, Горадня, Гародня? Яна прапанавала ў зборніку сваю версію: Гродня. Так называецца верш, прысвечаны гораду на Нёмане:

Родны, старажытны, малады,
Сведка ўсіх маіх надзей і спраў...
Прагну я, каб гэтак і заўжды
Ты, як сёння ноччу, спачываў.

Спі.. А я і Нёман - удваіх -
Пастаім на варце сноў тваіх.

А ў вершы "Вёска Біскупцы" мы знойдзем яшчэ больш любові і дзявочай гарэзлівасці.

Тут мне ўсё наваколле смяецца
Смехам зор і рамонак з лугоў.
Нёман тут не цячэ, здаецца,
А танцуе паміж берагоў.

Ну а любоў да Нёмана адчуваецца бадай у кожным вершы.

Можа, прыйдзе калі чарга
І мне як паэту праславіцца, -
Я аддам сваю славу лугам
І наднёманскай раніцы,
І хлапцам, што ганяюць плыты
Па шалёных вірах за паўсвета...

Гэта - нёманскі нораў круты,
Гэта сэрца, што песняй сагрэта.