Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

11 февраля 2020 г. 16:45

4K

4

Здаецца, ніводная кніга пра Чарнобыль не зможа ўразіць мяне больш, чым “Чарнобыльская малітва” Алексіевіч. Але я працягваю даследаваць гэтую тэму. Цікаўлюся асэнсаваннем чарнобыльскай катастрофы ў літаратуры, таму ўзялася перачытваць гэты раман, які ўпершыню чытала яшчэ ў школе.
З творчасцю Шамякіна ў мяне ўсё складана (як і з успрыманнем яго асобы). Не ўражваюць самыя папулярныя творы, накшталт “Сэрца на далоні”. У той жа час вельмі люблю і ўсім раю аповесць “Сатанінскі тур”. “Злая зорка” сярод тых твораў, ад якіх я не ў захапленні, але магу раіць.
У Шамякіна было дастаткова часу на асэнсаванне трагедыі, бо гэты раман выйшаў у 1993 годзе, праз 7 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС, і стаў першым у беларускай літаратуры раманам пра чарнобыльскую катастрофу.
Пісьменнік нарадзіўся на Гомельшчыне, таму для яго аварыя стала яшчэ і асабістай бядой. Ён ездзіў на Палессе пасля здарэння і на свае вочы бачыў, што там адбываецца.
Пачынаецца раман на аптымістычнай ноце — вяселле ў сям’і Пустаходаў і Пыльчанкаў. Глеб і Ірына рыхтуюцца да свайго свята, але жаніху даводзіцца з’ехаць з вяселля. Ён інжынер на Чарнобыльскай АЭС, і ў дзень вяселля даведваецца, што на станцыі пажар. Глеба не выклікаюць, ды і ўвогуле не чуваць, наколькі сур’ёзная сітуацыя, але ён сумленны працаўнік, таму вырашае ехаць сам. Хлопец яшчэ не ведае, што такая ініцыятыўнасць можа каштаваць яму жыцця. Як і не ведалі іншыя людзі, якія ў той час накіраваліся нібыта на тушэнне пажару…
Да таго ж уся сям’я апынаецца ў зоне адсялення, і гэта таксама вельмі цяжка — расстацца з месцам, дзе нарадзіўся і вырас.
Шамякіну захацелася дадаць яшчэ змрочных нотак у свой твор, таму акрамя чарнобыльскай тэмы ён уключае сюды Афганістан. Родны брат Глеба, Барыс, — лётчык, і ўжо не ў першы раз ён накіроўваецца на вайну ў Афганістане. Такім чынам дзве сям’і, якія мусілі звязацца з прыемнай нагоды, апынаюцца “раскіданым гняздом".
Дзякуючы серыялу “Чарнобыль”, які летась добра прагрымеў у нашай культурнай прасторы, пакаленне людзей, якое нарадзілася ўжо пасля трагедыі, адкрыла для сябе гэтую тэму. Ды і людзі, якія бачылі трагедыю на свае вочы, маглі знайсці ў гэтай тэме нешта новае. Але ж серыял збольшага паказваў змаганне з бязлітаснай бюракратычнай машынай і толькі асобнымі эпізодамі закранаў гісторыі простых людзей (напрыклад, гісторыя Людмілы і Васіля Ігнаценка). У творы Шамякіна, здавалася б, на першы план выходзяць людзі, чыё жыццё праходзіць на фоне гэтай катастрофы. Але і па кабінетах высокіх (і не вельмі) чыноўнікаў ён нас таксама водзіць. І гэта самыя нецікавыя эпізоды кнігі.
Твору ўсё ж не хапае душы. Ён сухі, колькі б аўтар ні ўстаўляў туды трагічных гісторый. І не атрымліваецца суперажываць персанажам. Але ў цэлым раман нядрэнны, ён добра паказвае атмасферу таго часу і не прыхарошвае сітуацыю.
картинка xbohx