Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

13 февраля 2020 г. 21:10

447

4

Адразу трэба адзначыць, што кніга вельмі добра выдадзена. Цвёрдая вокладка, супервокладка, каляровыя ілюстрацыі. Калі б я складаў ТОП найлепш выдадзеных беларускіх кніг паэзіі другой паловы 20 стагоддзя, то гэтую кнігу я б у яго абавязкова ўключыў. Выбранае аб’яднала лепшыя вершы з пяці кніг паэта – “Тры цішыні”, “Чалавечы знак”, “З’яўленне”, “Час першых зорак” і “Ветрана”. А гэта вершы з 1964 па 1990 год, то-бок усе яны былі напісаныя за савецкім часам.

І што адразу можна адзначыць, вершы Анатоля Вярцінскага немагчыма зблытаць з ніякімі іншымі ў сваім часе. Яны не падобны на вершы ані Барадуліна, ані Бураўкіна, ані Сіпакова, ані Гілевіча. Ні на каго не падобныя. І калі паспрабаваць адказаць на пытанне: дык у чым іх асаблівасць? то хіба асноўнае - гэта іх гуманістычнасць. Паэт жыве сваім часам. Навука робіць неверагодны прарыў. Чалавек выйшаў у космас. Паэт гэта вітае. Але ў яго ўзнікае шмат пытанняў: ці не зашкодзяць некаторыя навуковыя адкрыцці чалавеку, ці не стане чалавек моцна залежны ад гэтага, ці не пацерпіць навакольнае асяроддзе – раслінны і жывотны свет? Увогуле менавіта Анатоля Вярцінскага можна назваць першым “зялёным” беларускім паэтам. Яшчэ ў 60-х гадах ён пачаў пісаць вершы ў абарону прыроды. Дарэчы гэтая кніга і пачынаецца такім вершам-трывогай:

Фізік квантуе прастору і час.
Глядзяць касманаўты у бок Венеры.

І далей:

Вучоны муж! Я рады, павер,
я ганаруся тваёй працай.
Толькі ёсць у мяне непакой:
ці хутка дойдзе чарга да бар’еру
глухой адчужанасці людской,
неразумення і недаверу?

У 80-х гадах да агульнагуманістычных дадаліся антываенныя матывы. Бадай самым адметны тут верш “Не называйце ракеты крылатымі”.

Не называйце ракеты крылатымі.
Ракеты грозяць вялікай бядой.
Завіце дакладнымі, завіце праклятымі,
завіце д’ябальскімі апаратамі,
але не завіце крылатымі.
Не тая крылатасць, выпадак не той.

Гэты верш быў напісаны ў 1982 годзе. Яшчэ далёка да перабудовы і да адлігі другой паловы 80-х.

А завяршаецца кніга яшчэ адным важным вершам Анатоля Вярцінскага, які называецца “Баіцца быць беларус беларусам…”

Жыў пад прыгнётам ды пад прымусам,
зваўся літвінам, русінам, русам,
зваўся тутэйшым, мяшканцам, мяшанцам…
Не знае, рабіць што з апошнім шанцам,
які ён сёння атрымоўвае,
як быць з сваім імем, з сваёю моваю,
быць ці не быць беларусам нарэшце…
Пытанне няпростае, канешне.

Гэтае пытанне паэт задае ўжо як дзяржаўны чалавек – як дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі. І ён добра ведае свой уласны адказ, за які гатовы змагацца, які неаднойчы прамаўляў з дэпутатскай трыбуны.