Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

29 апреля 2022 г. 17:17

1K

5

Сёлета спаўняецца 40 гадоў аповесці Васіля Быкава «Знак бяды», якая ў 1986 годзе была адзначана Ленінскай прэміяй і ў тым жа годзе экранізаваная. У выдавецтве «Папуры» сёлета выйшла гэта цудоўнае выданне з вокладкай Анатоля Лазара.

Гэты твор важны агулам для творчасці Быкава як пэўны этап. Мы прывыклі да ваеннага, франтавога, партызанскага Быкава, таму гэты ўмоўна «мірны» твор выбіваецца з агульнага шэрагу. У цэнтры сюжэту цяпер не партызаны ці салдаты са зброяй у руках, а звычайныя мірныя жыхары, якія нібыта і не маюць ніякага дачынення да вайны. Вайна ёсць, але яна недзе там, далёка, галоўныя героі не ўдзельнічаюць у гэтым непасрэдна. Яны акурат тыя, хто аказаўся ў закладніках гэтай сітуацыі. Вайна прыйшла супраць іх волі, але цяпер яны мусяць пакутаваць ад яе наступстваў.

Вядома ж, Быкаў паказваў народныя характары і раней, былі ў ягоных творах такія персанажы, з мірнага насельніцтва. Але ў аповесці «Знак бяды» яны ўпершыню сталі на першы план. І гэтым пісьменнік узмацніў трагедыю і антываенны пафас рамана. Мне спадабалася, як пра гэта напісаў Алесь Адамовіч у кнізе «Ничего важнее»:



Писать войну войной — в смысле правдивости, беспощадности — это одно дело. Но объяснять войну лишь войной — путь, пожалуй, не самый плодотворный в литературе. Не потому ли самая великая вещь о войне так и называется: "Война и мир".

Галоўныя героі твора — Пятрок і Сцепаніда Багацькі, што жывуць на хутары Яхімоўшчына звычайным сялянскім жыццём. Ёсць кароўка, парсючок, куры і самагонны апарат, але ў творы Быкава жыццё гэтых маленькіх людзей і іх трагедыя набываюць сусветны маштаб. Аповесць паказвае жыццё беларускага сялянства пад акупацыяй.

Таксама ў аповесці Быкаў параўноўвае паліцаяў і ўласна немцаў. Немцы бачацца простымі і зразумелымі ворагамі. Яны выказалі свае намеры і цяпер упарта ідуць да мэты. Можна сказаць, што ў іх ёсць пэўныя ўстаноўкі і прынцыпы. Страшныя, але ўсё ж ёсць. Паліцаі ж падаюцца абсалютна ненадзейнымі людзьмі. Танчаць пад тую дудку, якая грае цяпер. Ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць. Таму невядома, хто тут больш страшны: свае ці чужыя.

Быкаў не вінаваціць ва ўсім толькі паліцаяў, змяншаючы віну захопнікаў. Але паліцаі бліжэй, і гэта адзначае Пятрок:



Дзе яшчэ тыя немцы, яшчэ немаведама, дабяруцца яны да яго Яхімоўшчыны ці не, а свае вось дабраліся. І хто? Родзіч Гуж. Ад гэтага, пэўна, свінчо не схаваеш, уведае і пра свінчо, і пра кароўку, і курэй, таксама як і пра ўсё іх ранейшае жыццё пры Саветах - тут ужо не затоішся. У яго цяпер улада, захоча - павядзе ў мястэчка, у паліцыю і павесіць на першым слупе - сапраўды размова ў іх кароткая.


Вайна, канешне, нікому не ў радасць, лічы - усім гора, але калі тое гора праз немца, чужынца якога, дык што ж тут і дзівіцца, гэта як мор - чума ці халера, тут на каго наракаць? Але калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр'ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое? Ці яны раптам ператварыліся ў звяр'ё і вытвараюць такое па чужым прымусе, прытаптаўшы ў сабе ўсё чалавечае, ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг.

Вайна, такія экстрэмальныя і трагічныя ўмовы здольныя добра паказваць усю праўду пра людзей. Вось і такія, як Гуж, Недасека, Каландзёнак выявілі сваю сапраўдную сутнасць. І гэтае расслаенне і раз'яднанне не адбылося толькі тут і цяпер. Яно пачалося яшчэ раней, і каб паказаць гэта Быкаў выкарыстоўвае рэтраспектыву. Сацыяльны разлом, які адбыўся яшчэ ў працэсе калектывізацыі, выступае нібы каталізатар далейшых падзей.

У аповесці шмат флэшбэкаў, мы даведваемся пра жыццё некаторых персанажаў наўпрост праз рэтраспекцыю, перамяшчаючыся ў часе і акунаючыся ў тыя падзеі. Не паводле ўспамінаў, а ўласна з месца падзей. Такім чынам мы можам назіраць не толькі становішча беларускіх сялян падчас вайны. У аповесці добра прапісаны і даваенны час.

Гісторыя невялікага хутара Яхімоўшчына і яго насельнікаў — гэта гісторыя ўсяго беларускага народа.

Калі хочаце больш даведацца пра гэтую аповесць — запрашаю паслухаць 69 выпуск майго падкаста Bellit.

o-r.jpg