Больше рецензий

Belera

Эксперт

по поглощению книг и поеданию сгущенки

16 апреля 2023 г. 17:52

3K

5

Як жа мала я ведаю пра беларускую літаратуру. Насамрэч, сорамна, бо ў рускай класіцы я, плюс-мінус, разбіраюся. Хоць гэта не наша роднае. І скідаць віну на школьныя праграмы і "час такі" не хочацца, бо рускую класыку са спісаў маст рыд я чытала ўжо пасля атрымання атэстата. Буду выпраўляцца, так што рыхтуйцеся, беларускамоўнага кантента стане больш (калі, вядома, спонсарам маіх пастоў перастане быць адна ленаватая задніца).

Складана коратка і без спойлераў напісаць, пра што ён - твор "Сэрца на далоні" Івана Шамякіна. Гэта гісторыя разгортваецца праз 20 гадоў пасля сканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Жахі паступова пачынаюць сцірацца з памяці. Жыццё ідзе наперад, людзі рухаюцца далей, але некага ўсе не адпускаюць загадкі страшнага ваеннага мінулага. І ўсё гэта мы бачым праз сем'і двух сяброў - вядомага хірурга Яраша і журналіста Шыковіча, які захапіўся ідэяй напісаць пра беларускае падполле.

Раман мне вельмі спадабаўся, насамперш, сваёй прастатой. Мне здаецца, калі вы толькі-толькі пачынаеце пагружацца ў беларускую літаратуру, як я, гэта будзе выдатны варыянт.

Нягледзячы на такую няхітрую абгортку, у кнізе закранаецца шмат важных пытанняў - пра каханне, сям'ю, сяброўства, абавязак, каштоўнасць чалавечага жыцця, давер і здраду. Камусьці, магчыма, будзе нудна разглядаць гэтыя глыбокія рэчы ў такім руцінным кантэксце штодзённага жыцця звычайных савецкіх сем'яў. Але мне, наадварот, гэта здалося, цікавым.

Ведаеце, у глабальных рэчах выбар не заўсёды лёгкі, але часта ён відавочны. Ну тыпу, усiм зразумела, што на спатканцы на пытанне "на што ты дзеля яе гатоў?" трэба адказваць што-небудзь пра смерць і зоркі з неба. А вось калі табе трэба гадаваць супольна гарлапаністых дзяцей, спраўляцца з яе валасамі па ўсёй хаце і неідэальным характарам, тут ужо не ўсё так адназначна, так? Вось пра гэта я і кажу.

Персанажы ў кнізе вельмі рэалістычныя, са сваімі плюсамі і мінусамі, я ўпэўнена, што вы знойдзеце некага, блізкага вам па духу, аднак, падрыхтуйцеся, не заўсёды гэта будзе прыемна. Сюжэт досыць дынамічны, ты не паспяваеш засумаваць, а пераходы паміж двума асноўнымі сюжэтнымі лініямі зроблены мякка і не раздражняюць.

Я прачытала кнігу вельмі хутка і з вялікім задавальненнем і без сумненняў рэкамендую яе вам.