Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

22 октября 2017 г. 17:37

48

4

Мне асабіста гэта кніга цікавая яшчэ і таму, што яна пра беларускую літаратуру 90-х. Сённяшнія 50-гадовыя беларускія пісьменнікі, якія пачыналі свой творчы шлях у 80-х, менавата 90-ыя лічаць сваім “залатым дзесяцігоддзем”, калі ўдалося шмат зрабіць і, самае галоўнае, працаваць з рэальным пачуццём важнасці сваёй місіі.

Мае рацыю Ігар Бабкоў, які ў прадмове да кнігі напісаў, што ў 90-ыя побач быў Ян Максімюк, як “сведка і саўдзельнік”.

У гэтым плане адметнае эсэ “Словы ў голым поле. Аб новых каардынатах у беларускай літаратуры”. У ім аўтар спрабуе разабарацца, дык што ўрэшце рэшт насамрэч адбылося з беларускай літаратурай у 90-ыя гады. Аўтар разважае пра тыя пошукі ўласных каардынатаў, якія ў той час вялі “навабранцы” белліту з “Тутэйшых”, ТВЛу і Бум-бам-літу. Максімюк піша: “У гэтым голым полі беларускі пісьменнік нарэшце знаходзіць доўгачаканую свабоду і тужлівы прытулак самотнага скрыптара. Прастора пісьма стала небясьпечна тоеснай прасторы жыцьця”.

Значную частку кнігі складаюць тэксты так ці інакш датычныя перакладчыцкай справе, у якой Ян Максімюк ад пачатку вызначыўся і адбыўся. Эсэ “Насустрач бацьку”, якое апавядае пра ролю рамана Джойса “Уліс” у лёсе аўтара, выглядае на сапраўдны прыгодніцкі аповед – з жыццёвымі жарсцямі, містычнымі супадзеннямі і канфліктнымі сітуацыямі.

Ёсць у кнізе і некалькі пасляслоўяў, якія аўтар напісаў да зборнікаў прозы беларускіх пісьменнікаў, што выйшлі ў ягоных перакладах на польскую мову. Ёсць чэшскія і нью-ёркскія нататкі, якія бадай можна аднесці да мемуарнага, або дзённікага пісьма.

З цікавасцю прачытаў пра юначыя захапленні аўтарам рок-музыкай. І зноў таемны “Уліс” тут прысутнічае. Гэтам разам у выглядзе аднайменнага беларускага рок-гурта. Аказваецца, менавіта Ян Максімюк дапамог знайсці сродкі на запіс “улісаўскага” альбому “Чужаніца”, запіс адбыўся ў прыватнай ольштынскай студыі, а затым выйшаў на вініле ў СССР на маскоўскай фірме “Мелодыя”.

Увогуле кнігу “Словы ў голым полі” я назваў бы дзённікам беларускага інтэлектуала, які жыве ў шырокім свеце, застаецца беларусам і імкнецца зразумець, чаму так адбываецца.