Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

24 ноября 2017 г. 12:54

289

5

Гэтая жанчына, здаецца, жыла ў Беларусі заўсёды. Толькі прымала розныя абліччы. У ХХ стагоддзі спачатку яна была Цёткай, затым Ларысай Геніюш і цяпер Данутай Бічэль. Але заўжды гэта былі жанчыны, якія неслі моцнае патрыятычнае пачуццё да сваёй краіны, не баяліся казаць праўду і адкрыта выступіць супраць няпраўды. І яшчэ адна якасць іх аб’ядноўвала – вера ў Бога.

Напрыканцы 2012 года пабачыла свет кніга Дануты Бічэль “Іду сцяжынаю да Бога”. Нічога падобнага ў беларускай літаратуры яшчэ не было. Хіба тут можна згадаць кнігу Рыгора Барадуліна “Ксты”. Насамрэч, беларускіх зборнікаў паэзіі з рэлігійным зместам выходзіла нямала, але каб гэта было зроблена з такой літаратурнай дасканаласцю і каб рэлігійная тэма гэтак была ўвязана з рэальным жыцьцём - то сапраўды такіх кніг у Беларусі яшчэ не было.

З Данутай Янаўнай я пазнаёміўся ў далёкім 1987 годзе, калі на турбазе “Палачанка” пад Менскам адбываўся Вальны Сойм моладзевых нацыяльна-патрыятычных суполак з усёй Беларусі. Я быў у полацкай дэлегацыі, Данута Янаўна – у гарадзенскай. Але абодва мы былі ў адной супольнай дэлагацыі беларускай літаратуры і разам выступалі са сцэны перад шматлікімі ўдзельнікамі сойму. Тады Данута Янаўна падарыла мне сваю шыкоўную, прыгожую новую кнігу “Даўняе сонца”. Тая кніга была выдадзена да 50-годдзя паэткі. Гэтая кніга, “Іду сцяжынаю да Бога”, выйшла да 75-годдзя. Здаецца гэты час прамільгнуў як пейзажы за вакном цягніка. А з іншага боку, нібыта мінула цэлае стагоддзе – бо так моцна змянілася жыццё ў Беларусі. Сёння ці не складаней быць нацыянальным патрыётам і несці дабрыню людзям. А занятак прыгожым пісьменствам дзяржава проста ператварыла ў хобі.

Цяпер беларуская літаратура трымаецца на руплівасці падзвіжнікаў, такіх як Данута Бічэль. Вось і выданне гэтай кнігі бадай што подзвіг. Бо гэта не проста кніга. Гэта і вершаваная біблія. Гэта і малітоўнік. Дарэчы, частка вершаў у кнізе называюцца малітвамі. Вершы з кнігі прыдатныя і для рэлігійных спеваў.

І як лейтматыў усёй кнігі гэтыя чатыры радкі:

Памерці, у галечы жыць –
больш не баюся анічога...
Іду сцяжынаю да Бога...
Срабрысты месячык дрыжыць...