Больше историй

1 апреля 2019 г. 09:36

2K

САКРЭЦІК

у патаемным месцы вырый ямку пакладзі на дно фанцік фольгу кветкі
прыцісні шкельцам засып зямлёю
калі цяпер пакалыпаеш там пальцам – у цябе будзе твой сакрэцік
толькі абарані яго ад суседскіх злых хлапчукоў

з выраю вяртаюцца з выраю
ветракі губляючы клёпку
вепрукі губляючы іклы
святлафоры губляючы колеры
буслы-альбіносы губляючы душы ненароджаных немаўлятак
усплываюць у бурбалках неба недатопленыя кацяняты

тата – я цябе памятаю – і ты вяртаешся

з выраю з выраёвай кунсткамеры
падаюць сыплюцца спорным тэтрысам
матылькі з абарванымі крыламі
галубы з перабітымі лапкамі
спісаныя нататнікі
васковыя недапалкі сэнсы страчаныя паняцці забытыя
рэчы адухаўлёныя людзей бяздушных

вырыю ямку вырыю
ў двары паміж гаражамі
зграбу схаваю мне мне трэба
ветракі з матыльковымі ікламі
анёлы з буслінымі дзюбамі
вожыкі з сасновымі голкамі
Купа`лы з крыламі ветраковымі
Коласы з-пад сярпоў тваіх ды молатаў

я накрыю іх пляскатым шкельцам
мой сакрэцік

як глядзяць яны на мяне засушаныя паўпрыдушаныя
нежывыя недагарэлыя незагаслыя няздары няшчасныя
не міргаюць шклянаватымі вочкамі
чыесьці трызненні ды гістэрыкі
мае выраёвыя феніксы
ўсе-ўсенька “пагоні” ды “верасы”

вырыю ямку вырыю
ды на краі паслізнуся
выраю хочу выраю
а паміраць баюся
выраю хочу выраю а паміраць баюся

лета 2004

Комментарии


пранікнёна


Дзякуй


Дякую. Прониклася.