Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

16 ноября 2018 г. 14:22

289

4

У мінулым годзе ў нас быў юбілей — 500-годдзе беларускага кнігадруку (6 жніўня 1517 Францыск Скарына надрукаваў “Псалтыр”). Гэтаму юбілею Павал Касцюкевіч і прысвяціў сваю кнігу.
Ці думалі вы, што біблейны нон-фікшн можа быць гумарыстычным і захапляльным? Улічваючы, што словы “смех” і “смяяцца”, як сцвярджае аўтар, сустракаюцца ў Старым Запавеце толькі адзін раз. Сваёй новай кнігай Павал Касцюкевіч набліжае Біблію да простага чытача. “Бульба ў райскім садзе” — беларускі праваднік па Старым Запавеце (ТаНаХу). З першай старонкі аўтар агаломшвае чытача: аказваецца, першае імя ўласнае, якое згадваецца ў Старым Запавеце, гэта кракадзіл. Паводле слоўнікаў сучаснага іўрыту слова “танін”, ужытае ў тэксце, перакладаецца менавіта так. Не самая прывабная істота, але ўсё не так проста, у чым вы ўпэўніцеся, прачытаўшы кнігу.
А таксама даведаецеся, дзе і як з’явіўся адзін з першых пашпартных кантроляў на мяжы (спойлер: на пераправе праз раку Іардан). І яшчэ трошкі нечаканай інфармацыі: ці ведалі вы, што першым партызанам у гісторыі чалавецтва быў цар Давід?
Процьма розных цікавостак сустрэнуцца вам у гэтым зборніку эсэ. Можна паназіраць, як Бог і змей-спакуснік развярнулі сваю перадвыбарную праграму ў Эдэме сярод двух выбарцаў, і паглыбіцца ў мовазнаўства і словаўтварэнне ў іўрыце. А таксама вы даведаецеся гісторыю адраджэння гэтай мовы. Вас чакае кароткі пералік дат, якія спрыялі таму, што ў сучасным Ізраілі ў наш час карыстаюцца іўрытам. Жывасці гэтай і без таго даволі дынамічнай кнізе дадае асабістая гісторыя аўтара, як 10 гадоў таму ён вярнуўся ў Беларусь, трымаючы ізраільскі пашпарт у кішэні, і зразумеў, што аб’ядноўвае яго сітуацыю з выгнаннем з раю.
Таму калі вы маеце адэкватнае пачуццё гумару і не станеце лічыць гэтую кнігу Паўла абразай Бібліі, варта пачытаць. Сапраўды лёгка і дасціпна. Да таго ж кніжка зусім невялікая, памерам з далонь. І калі б я была больш у тэме, то бясспрэчна, адзнака была б яшчэ вышэй.
картинка xbohx