Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

7 марта 2019 г. 13:52

735

5

З’яўленне гэтай кнігі для мяне было прагназаваным. Бо перад «Гасцініцай «Бельгія» выйшла кніга Ганны Севярынец «Ён і пра яго» пра Уладзіміра Дубоўку, а таксама том выбраных твораў Алеся Дудара, які ўклала Ганна. Балазе, менавіта яна адшукала прыватны архіў Алеся Дудара, які, як высветлілася, цярпліва чакаў свайго даследчыка ў Мінску ў нашчадкаў паэта. Такім чынам пісьменніца была настолькі набрынялая, працуючы ў архівах і бібліятэках, гэтым бурлівым і трагічным часам – 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя – што не магла не падзяліцца гэтым у мастацкой форме ў асобнай кнізе.

У новым рамане Ганны Севярынец апавядаецца пра літаратурнае жыццё Беларусі 20-х - першай паловы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сярод галоўных герояў – паэты Алесь Дудар і Уладзімір Дубоўка. У рамане практычна няма мастацкага вымыслу, твор пабудаваны на архіўных дакументах, газетных матэрыялах таго часу, успамінах сведкаў, гэпэушных справах.

Прачытаўшы "Гасцініцу "Бельгія", маё ўяўленне пра той час набыло канчатковае акрэсленне і дэталёвую прамалёўку. Але ніякіх зменаў успрымання і ацэнак таго часу і яго герояў не адбылося.

І тая спантанная і інтуітыўная думка, якая ў мяне нарадзілася яшчэ напачатку 90-х, умацавалася. Пра непазбежнасць паўставання карпаратыўнай сітуацыі, калі літаратура ствараецца пры кантролі і ўдзеле дзяржавы, калі літаратура робіцца "з аднаго катла".

Захапляюся тым імпэтам і гарэннем, з якім Ганна рабіла гэтую кнігу. Цяпер той час актуалізаваўся і стаў больш зразумелым. Ганна вярнула яго ў цяперашні літаратурны канктэкст. Прынамсі зразумелым стаў канфлікт Дудара і Дубоўкі і прычыны “нараджэння” Тодара Глыбоцкага.

Я крыху інакш успрымаю некаторых герояў таго часу, напрыклад, Язэпа Пушчу, які добра намаляваны ва ўспамінах Яна Скрыгана. Але, я так разумею, ён быў у "Бельгіі" "спадарожным героем". І мне сімпатычны ўчынак Міколы Нікановіча, які пайшоў вызваляць у ГПУ сваіх сяброў Таўбіна і Астапенку ў 1933-м. Пайшоў і не вярнуўся. То-бок кніга ўтрымлівае толькі асобныя малюнкі і гісторыі з літаратурнага жыцця Беларусі таго часу, пераважна датычныя Алеся Дудара і Уладзіміра Дубоўкі. Можа цэнтральныя і найбольш значныя, але ж вельмі шмат засталося па-за кадрам. Гэта зачыць, магчымыя новыя і новыя кнігі пра той бурлівы і трагічны час. Час, калі нараджалася нашая сучасная беларуская літаратура.

Комментарии


Дзиуна.... чаму не "гатэль", асаблива з вуснау Ганны...


Першая версія: так было напісана на шыльдзе. Другая версія: так маладнякоўцы называлі паміж сабой і ў карэспандэнцыях. Ганна заўсёды трымаецца гістарычнай дакладнасьці.