Больше рецензий

9 января 2012 г. 17:01

74

3

Пакуль у дамскіх раманах буяюць слязлівыя гісторыі з хэпі-эндамі, у "літаратуры вялікіх дасягненняў" мода на траўматычны жаночы досвед, на выбудоўванне катастрафічнай сюжэтнай лініі "маці—дачка", на інструментальную ролю мужчыны, на жаночую турму ці жаночую бальніцу, урэшце — на жаночую фізіялогію. Аўтаркі сцвярджаюць, што быць жанчынай — гэта нешта іншае за быццё мужчынам. І гэты апошні тэзіс хіба адзінае, што будзе лучыць кнігу Галіны Багданавай "Сакрамэнта" з сучаснай жаночай прозай (не блытаць з жаночай літаратурай, бо не кожны тэкст, напісаны жанчынай — ёсць жаночая проза).

Бывае цікава сачыць за тым, што ў творах аўтара паўтараецца, становіцца лейтматывам. У кнізе Галіны Багданавай "Сакрамэнта" пры ўсёй размаітасці тэм і сюжэтаў квінтэсенцыяй можна лічыць фразу: "

Тады я ўпершыню адчула, што жаночае цела, па-сутнасці, проста прыгожая пасудзіна, якая хавае ў сабе жывую мужчынскую плоць і можа вынасіць, нарадзіць дзіця

".

Гэта кніга нават не пра каханне жанчыны да мужчыны, яна пра служэнне мужчыну, пра асэнсаванне свайго служэння як місіі. Тут не маецца на ўвазе гатаванне сняданкаў і мыццё шкарпэтак, бо жанчына служыць, натхняючы мужчыну на подзвігі ці шэдэўры (сярод герояў шмат рэальных прадстаўнікоў свету мастацтва).

Паводле Галіны Багданавай, жанчына надае свету прыгажосць, яе шлях — сцежкі з кветкамі, багоўкамі, грыбочкамі. Але асфальтавая дарога — шлях мужчыны, які структуруе свет. Напэўна, значная колькасць жанчын не пагодзіцца з такім размеркаваннем роляў, але раптоўна заўважаецца, што дэклараваная ў культуры роўнасць палоў, разрэкламаваная СМІ амбітнасць жанчын і цікавасць да кар'еры не даюць адчуванне шчасця. А дае яго — нечакана! хіба нечакана? — служэнне мужчыну, які выклікае захапленне.