Больше рецензий

27 мая 2020 г. 21:54

619

5 Спойлер Нельга забыць

Цікава, што, купляючы кнігу, думала, што яна будзе зусім аб іншым - аб паўстанні 1863-1864 гадоў (дакладней, аб жанчыне, якая паехала ў ссылку за мужам-рэвалюцыянерам). У прынцыпе, я была амаль права: яна і сапраўды паехала ў ссылку, але пасля пакарання смерцю свайго каханага, і пра гэта было толькі ў "Пароме" - перадгісторыі рамана.
Асноўны жа сюжэт апавядае гісторыю кахання студэнта-паэта Андрэя Грынкевіча (праўнука той самай жанчыны і рэвалюцыянера) і замужняй выкладчыцы Ірыны Горавай (праўнучка капітана Горава, які якраз і згадзіўся пераправіць няшчасную праз Дняпро). Галоўным героем можна назваць і Яніса Вайвадса - латышскага паэта і лепшага сябра Грынкевіча.
Што цікава, у Яніса ёсць рэальны прататып - паэт Геранім Стулпан (ці Еранім/Геронім, яго у розных крыніцах чамусьці называюць па-рознаму), які таксама паэт з Латвіі і лепшы сябра Караткевіча. Ягонай памяці, дарэчы, і прысвечаны раман. Увогуле, калі хаця б крыху знаёмы з біяграфіяй Уладзіміра Сямёнавіча, чытаць становіцца цікавей, бо твор даволі аўтабіяграфічны. Напрыклад, гісторыя, расказаная Баранаўскасу (выкарыстанне слоў з латышскай песні пра пеўніка, каб быць прынятымі за замежнікаў і прайсці ў зачыненую зарана краму) - амаль цалкам рэальная. Розніца толькі ў тым, што ў рэальнасці Караткевіч і Стулпан п'янымі яе дэкламавалі таварышу міліцыянеру, каб не адправіцца ў "цверазілаўку" падчас фестывалю ў Маскве. І шмат яшчэ чаго такога.
Наконт сюжэту маю я пэўныя сумневы. Заўсёды, рыхтуючыся пісаць рэцэнзію, бегла праглядаю рэцэнзіі іншых. Дык вось убачыла ў кагосьці пра "банальны" і "праставаты" сюжэт. Наўрадці я нават магу з гэтым паспрачацца, доля праўды ў гэтым усё ж ёсць. Яшчэ нехта крыху параўнаў твор з "Трыма таварышамі". Ад сябе хачу дадаць, што фінал нагадаў мне яшчэ і "Бывай, зброя!" Хэмінгуэя. Дарэчы, ва ўсіх гэтых трох творах, напэўна, усе хутка скемілі, што галоўная гераіня ўрэшце памрэ. Ну, у прынцыпе, хаваць гэты важны для сюжэту факт доўга не атрымаецца, ды і не патрэбна гэта. Так што можна дараваць.
Вось што тут па-за межамі канкурэнцыі, дык гэта паказ сяброўства. Настолькі эмацыянальнага і нават пяшчотнага апісання сяброўскіх ўзаемаадносін я не бачыла пакуль што нідзе. У аглульным эмоцыі (і вера ў тое, што пішацца) - моцны бок Караткевіча, які дазваляе заплюшчыць і на пэўную банальнасць, і на пафаснасць, і на часам аднатыповых герояў.
Яшчэ адзін моцны, прынамсі, для мяне, бок аўтара - шчырае ўслаўленне беларускай гісторыі, мастацтваў і ўвогуле беларусаў. Услаўленне, якое рэзка мяжуецца з разважаннямі аб недахопах тых жа самых беларусаў і добрымі словамі аб іншых людзях і народах. Караткевіч не сляпы "поцреот", ён проста чалавек, які моцна любіць сваю Радзіму, прычым такой, якая яна ёсць.
Мова ў твора - чароўная. Праўда, чытачам, дрэнна знаёмым з беларускай, праз вялікую колькасць нетыповых і рэдкіх слоў, будзе цяжка. Але для беларускамоўцаў (ці проста зацікаўленых у тэме) лепшай крыніцы ўзбагачэння слоўнікавага запасу не знайсці. Гэта для любых твораў Караткевіча актуальна. Ды і не толькі словамі можа пахваліцца ягоная мова. Творы Уладзіміра Сямёнавіча можна смела на цытаты расцягіваць - цішоткі можна будзе да канца жыцця рабіць (Mark Formelle, ага-ага).
У якасці выніка хачу адзначыць Яніса. Неверагодны чалавек, неверагодны сябар. Шкада, што з прататыпам пакуль не атрымалася пазнаёміцца - няма нават старонкі на вікіпедыі. Хаця, магчыма, на латышскай і ёсць. Але мовай гэтай я не валодаю, так што буду шукаць далей.
Пы.Сы. На адзін з вершаў Грынкевіча, якіх тут, дарэчы, нямала, ёсць песня "Масква-Вечнасць цягнік".