Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

30 марта 2021 г. 18:53

147

5

Прывітанне, я Наста і ў мяне няма дзяцей. Ёсць малодшы брат, розніца з якім 15,5 гадоў, але “радасці мацярынства” мяне пакуль не закранулі. Таму думала, што кніга не зачэпіць. Але бываюць аўтары, якія і пра супрамат здольныя напісаць так, што ты будзеш чытаць і захапляцца. Якая розніца пра ШТО, калі тут такое ЯК. Аказалася, што даволі цікава залезці ў галаву дзіцяці, народжанаму ўяўленнем паэткі.

Марыя Мартысевіч у новым паэтычным зборніку паказала свет вачыма дзіцяці. Гэта дзіцячыя вершы для дарослых, а ўзроставае абмежаванне на вокладцы 18+. Значыць, гэта не тая паэзія, якой вы будзеце закалыхваць сваіх “гадавасікаў” перад сном. Бо наўрад ці вам захочацца, каб потым у садку яны хорам скандавалі: “Цыцка — гэта вельмі здорава!”. Хаця… Чаму не? :) З больш дарослымі дзецьмі можна чытаць кнігу разам, успамінаючы тыя светлыя часы, калі яны змяшчаліся на тваіх каленках, а цяпер патрабуюць на дзень народзінаў квіток на канцэрт Маргенштэрна.

Дарослым падчас чытання вельмі рэкамендуецца пырскаць у кулачок і пахіхікваць, як сарамлівыя падлеткі. Многія моманты з жыцця вельмі пазнавальныя нават без вопыту бацькоўства, настолькі гэта ўніверсальныя рэчы. Бо ўсе мы былі малымі і нават многае з дзяцінства памятаем дагэтуль. Напрыклад, кармленне “лыжачку за маму, лыжачку за тату” ці страшны монстр Маматут, пад чыім пільным поглядам ты ўвесь дзень, крок управа, крок улева — расстрэл. Пасля верша “Імёны” я доўга рагатала, бо гэтае жыццёвае назіранне не дае мне спакою: калі ў двары тры Рагнеды і пяць Альгердаў, то вельмі лёгка выдзеліцца, назваўшы сына Сярожам.

Гэтая кніга — бязлітаснае і вельмі цёплае іранізаванне над лёсам бацькоў. Марыя напісала выдатны зборнік, які можа стаць прадухай у нашы не вельмі пазітыўныя часы. Бо кіраўнікі дзяржаў прыходзяць і сыходзяць, а дзеці нараджаюцца пастаянна.

Мастак Андрэй Пакроўскі зрабіў з кнігі сапраўдны твор мастацтва, дзе паэзія існуе ў цеснай сувязі з візуальнымі вобразамі.

Бацькам — чытаць, пазнаваць сябе, млява ўздыхаць. Астатнім — чытаць і спадзявацца, што аднойчы не пазнаеш Маматута ў сабе. Усім разам — ведаць, што кожны чалавек носіць свайго Маматута з сабою.
картинка xbohx