xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

24 июня 2021 г. 17:39

210

4

Для многіх беларусаў Вільня — ніякае не замежжа, а страчаная сталіца, горад, куды так класна паехаць на выхадныя (бо дабірацца туды з Менску бліжэй, чым да абласных цэнтраў). Я люблю гэты горад, правяла там шмат цудоўных дзён, маю ўлюбёныя мясціны, і таму з задавальненнем чытаю пра Вільню кнігі. Напрыклад, горача вам раю «Вильнюс. Город в Европе» Томаса Вянцлавы. Экскурсія з гістарычнымі ўстаўкамі ад чалавека, закаханага ў горад, у якім пражыў шмат гадоў.

Кніга нямецкага гісторыка і гарадскога антраполага Фелікса Акермана «Аўташкола па-віленску» зацікавіла мяне не толькі наяўнасцю ў ёй Вільні, але і згадкамі пра Беларусь і беларусаў. Фелікс не раз быў у нашым рэгіёне, нават пісаў пра гісторыю Горадні ХХ ст. У 2011 годзе ён апублікаваў па-нямецку кнігу «Palimpsest Grodno». Яшчэ адзін плюсік аўтару — валоданне беларускай мовай. Дарэчы, забягаючы наперад, у гэтай кнізе ён акурат папракае беларускіх студэнтаў ЕГУ за тое, што яны неахвотна карыстаюцца роднай мовай:

У прынцыпе пасля адзінаццаці гадоў заняткаў па беларускай мове ў школе ад беларускіх грамадзянаў можна было б чакаць добрага валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Аднак на практыцы справа выглядала падобна, як у Ірландыі, дзе бальшыня школьнікаў толькі сімулявала веданне ірландскай мовы і абыходзілася англійскай. Заняткі па беларускай мове належалі да найгорш зместава, дыдактычна і кадрава забяспечаных прадметаў у беларускай школьнай сістэме, а саму беларускую мову і на пачатку ХХІ стагоддзя шмат хто лічыў вясковаю, таму бальшыня студэнтаў ЕГУ ані не магла добра размаўляць па-беларуску, ані не адчувала асаблівага жадання вывучыць гэтую мову.

Фелікс нарадзіўся і вырас у Берліне, але стаў акадэмічным вандроўнікам. Навуковая і выкладчыцкая дзейнасць закідвала яго ў розныя еўрапейскія краіны. У 2011 годзе ён разам з сям’ёй пераехаў у Вільню, куды яго запрасілі працаваць у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Беларусам гэтая навучальная ўстанова добра вядомая, бо была заснаваная і месцілася ў Мінску з 1998 года. Праўда, у 2004 годзе ёй давялося пераехаць у Вільню, паколькі беларускія ўлады вырашылі забараніць іх дзейнасць.
Менавіта гэтаму ўніверсітэту, яго дзейнасці, вартасцям і недахопам прысвечана вялікая частка кнігі. Для мяне яна была найменш цікавая. Паколькі я ў ЕГУ не вучылася, то і дзейнасцю ягонай глыбока ніколі не цікавілася. Ад знаёмых студэнтаў даляталі нейкія чуткі-плёткі пра ўсе гэтыя скандальныя гісторыі, але я не звяртала ўвагі. Думаю, тым хто ў ЕГУ вучыўся і заспеў усе ўнутраныя адміністрацыйныя канфлікты, будзе цікава пачытаць кнігу Акермана, каб параўнаць з уласнымі ўражаннямі і адчуваннямі. Для мяне ж гэта была не самая важная частка кнігі.

Што я сапраўды ацаніла, дык гэта бытавую частку, звязаную з жыццём Фелікса ў Вільні. Пэўны час ён жыў у горадзе адзін, каб падрыхтаваць пераезд жонкі і дзяцей. Пакойчык здымаў у Алдоны, 86-гадовай актрысы, удавы заслужанага артыста Літоўскай ССР, і меў з ёй даволі дзіўную камунікацыю. Жанчына размаўляла па-літоўску, разумеючы асобныя фразы нямецкамоўнага мужчыны, а Фелікс яшчэ не вельмі валодаў літоўскай. Зразумела, глыбокага паразумення не было, пакуль яны не сутыкнуліся з бытавой туалетнай праблемай: у Вільні нельга выкідаць туалетную паперу ва ўнітаз, трэба выкарыстоўваць сметніцу, каб не забіваліся трубы. Фелікс не ведаў пра гэта, і тут на дапамогу прыйшла ўніверсальная для абодвух расейская мова. Аказалася, што Алдона выдатна ёй валодае, і такая сітуацыя вымусіла яе адмовіцца ад сваіх прынцыпаў, каб патлумачыць турысту звычайную для мясцовых рэч:

Спантанна я паспрабаваў: «А может, по-русски?» Алдона падціснула вусны, зморшчыла лоб і неахвотна адказала: «Ну если уже совсем надо».

Думаю, вы сутыкаліся з падобным у Літве, калі мясцовыя рабілі выгляд, нібыта не валодаюць расейскай. І калі моладзь сапраўды лепш ведае ангельскую, то старэйшае пакаленне вучыла расейскую мову ў школе і проста не можа яе не ведаць. Але я іх не асуджаю і вельмі ў гэтым пытанні разумею :)

Фелікс усё ж не адмовіўся ад ідэі вучыць літоўскую і старанна гэта рабіў. Праўда, калегі ці іншыя людзі, з якімі ён сутыкаўся, не вельмі ахвотна яму ў гэтым дапамагалі. Зразумела, выключна ў мэтах паскарэння камунікацыі. Калега патлумачыла яму гэта так:

Калі ты спрабуеш гаварыць па-літоўску, я ніколі не ведаю, што ты маеш на ўвазе. У адрозненне ад расейскай мовы.

Нават дзеці, якія ўжо ўліліся ў літоўскае моўнае асяроддзе, дзякуючы шматмоўнаму і міжнацыянальнаму дзіцячаму садку, саромеліся няўдалых моўных спроб бацькоў, напрыклад, у краме.
Дарэчы, Фелікс дае чытачам незвычайную параду па вывучэнні мовы: слухаць рэлігійнае радыё. Не з нейкімі духоўнымі мэтамі, а чыста з практычнымі. Фелікс адзначаў:

Плюсы перадаванага па радыё фундаментальнага каталіцызму заключаліся ў тым, што малітвы вымаўляліся вельмі выразна і ўва ўсіх краінах мелі амаль ідэнтычны змест.

Падобныя радыёстанцыі слухаюць пераважна людзі сталага веку, таму для іх робяць чытанне вельмі павольным. Літоўскае «Радыё Марыя» транслявала і інтэрпрэтавала фрагменты з Бібліі, таму менавіта гэтая кніга стала для Акермана «класічным інструментам, каб вывучаць новую замежную мову, рэгулярна слухаючы яе».

Названая кніга ў гонар эпапеі, якая напаткала Фелікса ў Літве, — атрымання пасведчання кіроўцы. Для яго аўтамабіль сапраўды быў не раскошай, а сродкам перасоўвання, бо трое дзяцей і актыўная праца вымушалі сесці за стырно.

У кнізе шмат назіранняў пры жыццё літоўцаў, людзей іншых нацыянальнасцяў, якіх Акерман сустракаў. Мяне, напрыклад, павесяліла наступнае назіранне, якое вельмі яднае Менск і Вільню:

Самым заўважным доказам таго, што Вільня таксама ёсць горадам мігрантаў з вёскі, можна назваць доўгія выходныя, у якія горад пусцее, бо амаль усе паехалі ў дамы сваіх продкаў.

У нас, дарэчы, ёсць жарт, калі паркоўкі ў дварах на выхадных ці на святы пусцеюць і горад нібыта вымірае: «Карэнныя менчукі па дамах раз’ехаліся» :)

Такім чынам, калі вас мала цікавіць, як уладкавана навучанне ў ЕГУ, то можаце гэтыя старонкі прагортваць, у кнізе знойдуцца іншыя, больш цікавыя рэчы. Напрыклад, жыццё вандроўнага навукоўца ў нашай частцы Еўропы, апісанае з добрым пачуццём гумару.

P. S. На жаль, хапае ў кнізе памылак арфаграфічных і памылак друку.
картинка xbohx

Комментарии

Комментариев пока нет — ваш может стать первым

Поделитесь мнением с другими читателями!