Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

2 октября 2021 г. 16:45

492

4

Не ўсім беларускім гарадам шанцуе мець свайго летапісца, які пакіне ўспамін пра яго ў літаратуры і гісторыі. Жыхары Смаргоні і ваколіц набылі бессмяротнасць у кнізе Тані Скарынкінай “Райцэнтр”.

“Райцэнтр” - гэта зборнік эсэ, аб’яднаных асобай аўтаркі і яе роднай Смаргонню. Скарынкіна занатоўвае эпізоды з жыцця горада, яго жыхароў, сваіх родных ці проста знаёмых. Як сяброўка і цёзка Скарынкінай Таня сустрэла Мулявіна і не пазнала яго, як сціплы сусед дзядзя Федзя працаваў у далёкай Аргентыне і ваяваў пад Мадрыдам на Арагонскім фронце, як суседка Зінаіда Сымонаўна атрымала кватэру ад Івана Шамякіна.

Гісторыі на першы погляд маленькіх людзей з райцэнтра нечакана аказваюцца яркімі і захапляльнымі, а геаграфія кнігі выходзіць далёка за межы Смаргоні і ўвогуле Беларусі. А колькі такіх гісторый ад жыхароў іншых беларускіх гарадоў сышлі ў нябыт, бо не было суразмоўцы і храніста, які б даў ім голас у вечнасці. Як Таня Скарынкіна са сваімі бясконцымі нататнікамі і дыктафонам.

Што самае важнае - гісторыі пісьменніца не пераказвае, а дае слова іх непасрэдным удзельнікам. Каб мы чулі, як гучыць Смаргонь. З гумарам, часам з сумам, але абавязкова з цеплынёй, як і любы горад, але па-свойму. Гісторыі прыватныя аказваюцца ўпісанымі ў кантэкст сусветны, як дэталькі пазла.

Дзякуючы жаночай выдавецкай ініцыятыве Пфляўмбаўм выйшлі ўсяго дзве, затое выдатныя кнігі, якія ўжо трапілі ў доўгі спіс Прэміі Гедройця. Кніга  Ева Вежнавец - Па што ідзеш, воўча? для мяне ўвогуле адзін з прэтэндэнтаў на тройку фіналістаў. Таму, вядома ж, чакаю наступныя выданні гэтай ініцыятывы.

- Значыцца, вы два разы яго бачылі?
- Так. А Якуба Коласа тры разы бачыла.
А я ўжо збіралася сыходзіць. Вядомая справа, засталася на лавачцы. Пра Якуба Коласа паслухаць - гэта як паслухаць пра тое, што нехта бачыў Геракла, напрыклад. Альбо нават самога Зеўса.

o-r.jpg