Больше рецензий

15 мая 2023 г. 19:30

27

5 Незвычайная сучасная беларуская паэзія

Да гэтага часу я шмат прачытаў з беларускай літаратуры, але толькі зараз мне давялося дакрануцца да сучасных аўтараў. Я абраў кнігу Марыі Мартысевіч “Цмокі лятуць на нераст” і зусім не расчараваўся гэтым выбарам.

Спачатку, шчыра кажучы, было даволі складана чытаць, бо я спадзяваўся, што сучасная літаратура будзе больш зразумелай для мяне, але ўсё атрымалася наадварот. Другая прычына майго ўражання – гэта структура кнігі: “Цмокі лятуць на нераст” не зборнік прозы, не зборнік лірыкі, а ўсё ў адным. Аўтарка вельмі файна і адкрыта занесла ў кнігу свае думкі, эмоцыі, разважанні, успаміны – усё тое, чым яна жадала падзяліцца з чытачом. І атрымаўся вельмі цікавы зборнік, у якім чаргуюцца празаічныя і лірычныя тэксты.

Мяне вельмі крануў артыкул пра эміграцыю, а менавіта фраза: “эмігрантам можна быць, нават не пакідаючы родных мясцінаў”. Нягледзячы на тое, што шмат людзей з’ехалі з Беларусі па розных прычынах, у краіне застаюцца людзі, якія адчуваюць сябе эмігрантамі. У гэтым артыкуле Марыя Мартысевіч апісала вельмі цікавы вобраз эмігранта, які складаецца ў яе: “чалавек у лёгкім шэрым палітоне на халодным восеньскім ветры”. Але ж яна не асуджае эміграцыю, яна разумее, што эміграцыя падобна смерці, падобна “падарожжу тварам да кармы”, і ў сучасным міры гэта даволі звычайная справа, бо “ўсё перамяшалася на плянэце, што чыстай нацыяй засталіся хіба што пінгвіны”.

Вельмі цікавыя былі нататкі пра шпацыры па Мінску. Гэта, насамрэч, файны пуцяводнік, які можна сапраўды выкарыстоўваць пры сустрэчы з іншагароднімі ці для сваіх падарожжаў. Яна апісала ўсе знакамітыя месцы горада, пра некаторыя нават я першы раз чую, а асабліва мне спадабалася апісанне Лошыцкага парку, бо я жыву недалёка ад яго.

Я не перастаю здзіўляцца, як адкрыта і як жыццёва яна піша гэту кнігу. Напрыклад, раздзел “Частка і цэлае” – гэта, з аднаго боку, вельмі простыя і ўсім зразумелыя рэчы, а, з другога боку, атрымаліся цікавыя гісторыі. Больш за ўсё мне спадабаўся аповед “Валасы і сэміётыка”, дзе аўтарка распавяла адну са сваіх жыццёвых гісторый.

Мяне вельмі ўразіў раздзел “Пашлі мяне па-беларуску”, дзе яна адважна разбірае, адкуль у беларусаў узялася лаянка і чым адрозніваюцца жаночыя і мужчынскія словы. Больш таго, яна прывяла невялікі слоўнік брыдкаслоўя, якім можна карыстацца ў пэўных выпадках. Шчыра кажучы, некаторыя выразы вельмі файна гучаць па-беларуску.