Больше рецензий

15 июля 2023 г. 12:09

137

2 Эмацыянальныя арэлі, рэд флэгі і сталкерства

Скажу шчыра: намучылася я з гэтай кнігай. І не таму, што яе было цяжка ўспрымаць у аўдыё-фармаце. Справа ў іншым: я не была падрыхтаваная да яе. Праўда, узгадваецца перыяд у маім жыцці, калі я актыўна карысталася бясплатнай чыталкай ад ЛітРэс (гэта было гадоў сем таму, мабыць). І вось тады мне неяк трапіла цэлая серыя. Але мяне не зачапіла ні апісанне сюжэту, ні вокладка. А потым выйшаў фільм з Дыланам Спроусам, і я зразумела, што абавязкова прачытаю кнігу. Уражанні ў мяне засталіся неадназначныя.

Пачну з таго, што твор я прачытала ўжо пасля прагляду фільма (забудзем пра цікавы эпізод у кінатэатры). Фільм мне спадабаўся больш. Няхай кур'ёзныя моманты былі і там, і там, успрымаць іх на экране было прасцей, чым у кнізе. Ды і кіношныя героі мне сімпатызавалі больш. Пасля чытання я зразумела, што Дылан (хай даруе ён мне!) мала падыходзіць для ролі барца, - фігура не тая - але ўсё роўна ён быў адэкватней, чым кніжны Трэвіс, які ператварыўся ў раўніўца. Так, ён раўнаваў галоўную гераіню к кожнаму слупу, з якім яна сутыкалася. Выпадковы хлопец, якому спадабалася Эбі, сыходзіў з падбітым носам. Увогуле, можна было прадказаць фінал: ці хэпі-энд, ці сталкерства.

Ды і галоўная гераіня толькі здаецца пай-дзяўчынай, але ўжо с пачатку было зразумела, што яна тая яшчэ падла - падыходзіць Трэвісу. Гэтыя двое знайшлі адзін аднаго. Як прадказальна! Так і хочацца назваць Эбі крыўдным словам на "ш", але язык не паварочваецца: перадумовы былі, але не дацягнула. Рэйтынг 18+ тут апраўданы з-за сэксуальнага зместу. Аднак, я б выкінула нейкія сцэны, бо яны былі дрэнна прапісаны і непатрэбны ў сюжэце.

Кніга нядрэнная, але я наўрад ці яе перачытаю. Мне не хапіла рызыкі, уражанняў. Слог напісання просты, але зацягнуты. Хімія паміж героямі ёсць, але часам ад гэтых іскраў разгараецца пажар, у якім згараюць астатнія. Канцоўка зваліла - поўны рэд флэг. І прачытай я твор тады, калі ўбачыла яго ў першы раз, можа быць, водгук быў бы іншы. Але мне ўжо даўно сямнаццаць гадоў, мяне такім не возьмеш. Так што застаецца толькі гнеўна закачваць вочы ад гэтых эмацыянальных арэляў.