Больше рецензий

27 ноября 2015 г. 22:20

2K

5 Прабівайма сцены з Уладзімірам Караткевічам!

"Каласы пад сярпом тваім" - гэты твор увабраў у сябе беларускасць. Сёння размова пойдзе пра 1-ую частку, але ў мяне неяк з'явілася думка, якую кнігу трэба ўзяць беларусу, які выпраўляецца ў замежжа, каб за яе не было сорамна і каб яна прадстаўляла нас беларусаў, маўляў, была візітоўкай. І цяпер я ўпэўнены, што гэта павінны быць абедзве кнігі "Каласоў...". У гэтым творы ёсць і гістарычная спадчына, і беларускі характар на памежжы двараніна і мужыка (традыцыя дзядзькавання - Алеся Загорскага, малога князя, аддаюць на выхаванне да сялян Кагутоў), і беларускія звычаі са святочнымі абрады (напрыклад, Каляды).
У. Караткевіч вядормы сваёй цягай не толькі да гісторыі, але і беларускай міфалогіі. Ужо напачатку твора мы сустракаем Кагутоў, дзед якіх быў чараўніком (на думку аднавяскоўцаў), таму і ўратаваў сябе і сына ад халеры. Але той "забіў" бацьку, паклаўшы ў печ перад смерцю, каб зняць праклён. Яшчэ прыкладам можа служыць выпадак, калі старая Тэкля пужае Майку. Імя Міхаліна ўжо сустракалася ў адной з маіх рэцэнзій, але тут гэта вобраз дзяўчынкі-чорціка, як назваў яе стары Даніла Вежа Загорскі. Дык вось старая пужае Міхаліну лазнікам, які з'яўляецца такой жа міфічнай істотай амаль, як дамавік, але больш злы і жыве ў лазні.
Дзякуючы гэтаму твору, не толькі ўсвядоміш сябе беларусам, але і даведаешыся пра гнёт самадзяржаўя ў Расійскай Імперыі.

Вялікая Русь - гэта ўсё, што ад вытокаў Дняпра і Сожа і аж да ўсходняга месца, да пустынь, да гор... Малая.... Жыве на поўдні такі народ. Гэта там, дзе Кіеў і Палтава, і Міргарад. Як я ездзіў да Кіева з імператрыцай, то наглядзеўся. Народ цікавы, на нашы вочы - незвычайны, але харошы... А Белая... гэта Падняпрооўе, Палессе, Міншчына - усё, аж самае Падляшша...

У.Караткевіч шмат добрых слоў прысвяціў у некаторых сваіх творах украінцам, і сам скончыў Кіеўскі інстытут. Кажуць, што нават "Зямля пад белымі крыламі" ў першую чаргу выйшла на ўкраінскай мове, а пасля на беларускай і на рускай.
Вышэй згаданыя словы - цытата старога Вежы, у аснову вобраза якога хутчэй за ўсё пакладзены ўспамін пра дзеда самога пісьменніка, які шмат яму распавёў у жыцці. Напрыклад, Алесь Загорскі запытваецца ў дзеда:

Што ж тады выходзіць, то мы жыхары Белай Русі? - Яшчэ чаго. Мы - прыдняпроўцы. А слова гэтае "Белая Русь" - канчаткова састарэлае, вельмі даўняе слова, якога ніхто не помніць. Зараз яно наогул пад забаронай, шмат год яго нідзе не сустрэнеш...

Даведаўшыся пра слаўных землякоў, ганарышся радзімай.

Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат - Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы гогд сто назад. Яны - ад "сына кахання" аднаго з Загорскіх, малодшая, бакавая галіна наша. А герб іхні "Радван"

Пра сваяцтва з будучым вялікім пісьменнікам распавядае Алесева маці, а У. Караткевіч добра ўмее рассоўваць часавыя межы і закідвае такім чынам кручок у будучыню. На той момант выйшлі толькі "Бедныя людзі", якіх чытае ў газеце Алесь Загорскі.

Загубілі генія... Нават калі вернецца, дык вернецца знявечаны... Што ж гэта за подлы век?! Чалавек такой уражлівасці - хіба ён вытрымае?

Подлым ліча "праваслаўны" век "подлага" цара і дзед Алеся, які адрокся ад царквы пасля смерці жонкі, усадзіўшы дзіду ў абраз. Можна параўнаць з румынскім князем Уладам Цэпешам, вядомым як граф Дракула, які адмовіўся ад царквы таксама пасля смерці любай. Вельмі часта нешта згадваю менавіта гэты легендарны вобраз Брэма Стокера. Жонка Вежы памерла, як колас пад сярпом - па словах аўтара. Менавіта дзед распавядае Алесю пра "фалангістаў", якіх хацелі пакараць, але саслалі ў Сібір (пра гэта пакаранне згадваюць біёграфы Ф.М. Дастаеўскага, ды і ён сам піша пра адчуванні перад пакараннем вуснамі Князя Мышкіна, але і пра гэта я казаў ужо ў ранейшых рэцэнзіях).
Сярод рэальных гістарычных асоб, якія апісваюцца У. Караткевічам, Кацярына ІІ. Яна вельмі добра абмалявана падчас патаемнай сустрэчы ў Магілёве з аўстрыйскім імператарам. Але мне значна больш цікавымі падаліся звесткі пра беларускіх пісьменнікаў і згадкі пра іх творчасць. Так, Алесь Загорскі чытаў знойдзеную ў дзедавай бібліятэцы кнігу Яна Баршчэўскага, які адкрыў мора за 6 гадоў раней за Алеся.

Было шкада, што ён піша па-польску, устаўляючы ў кнігу беларускія дыялогі. У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой - толькі вышэй за сярэдняга. Баршчэўскі здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму - Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей. "Ну, а я?"-падумаў Алесь.

Калі да будучыні, то У. Караткевіч прадказвае, робіць намёкі і на далейшы лёс Алеся ў творы:

Калі праз шмат год славутую актрысу пыталі, ці памятае яна дні, калі іграла лепей за ўсё і хто гэта бачыў, яна адказвала:
- Памятаю. Але гэта ніхто не бачыў. Толькі адзін...
- Дзе ж ён, гэты шчаслівец?
- Шчаслівец?.. Не...

Ці калі цётухна падарыла яму амулет, на якім Белы коннік бараніў Авечку да Льва, Змія і Арла:

Сам сабе ён пасмейваўся. Ну якая няўмінучая смерць можа яму пагражаць? Якія такія ў яго могуць быць ворагі?

Але, напэўна, галоўная рэальная асоба гэтага твора - Кастусь Каліноўскі. Цікавая гісторыя знаёмства падлетка Каліноўскага з падлеткам Загорскім, якія пабіліся на Свіслацкім кірмашы. Відаць, абодва з характарам! Але прачытаеце самі... Здзівіла Алеся, што хлопец назваў сябе беларусам, хаця Загорскі ведаў толькі некалькі такіх.

- Адзін Гаўрыла з Полацку, - усміхнуўся хлопец. - Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў.... Першы... Знайшоўся мне яшчэ - Капернік.

Каліноўскі адразу паўстае абаронцам мужыкоў. Будучы падлеткам, які вучыцца ў Свіслацкай гімназіі, але збіраецца ва ўніверсітэт, сам з сям'і збяднелага двараніна, яму шкада "тубыльцаў", як іх называе "мардастая поскудзь з Піцера". Тубыльцы - карэнныя жыхары, абарыгены - такую назву я выкарыстаў для каманды, якая ўдзельнічала ў розных квэстах у свой час. А беларус.... Для іх гэта імя, а для астатніх... У іх няма назваў, няма імёнаў - "безгаловае мора". Каліноўскі кажа, што яму няважна, што ён дваранін, хаця бацька змагаецца за гэтае званне, а яго хоць хамам, хоць гаршчком назаві, і гэтаму яго брат навучыў, а Алеся - дзед. "Моцную характарнасць" Кастусю надавалі яшчэ і вочы, якія былі несемітрычнымі - адно вышэй за другое. Такія цікавыя падрабязнасці У. Караткевіч пасля напіша і пра В. Дуніна-Марцінкевіча, і пра іншых...
Усё астатняе прачытаеце самі. Адно, што наўрад ці знойдзеце тое, што мне распавёў мой выкладчык мовазнаўства Павел Аляксандравіч Міхайлаў. Калі выйшаў першы том "Каласоў...", савецкая цэнзура асудзіла аўтара, але крытык Уладзімір Калеснік запрасіў Уладзіміра Сямёнавіча ў Брэсцкі ўніверсітэт на сустрэчу са студэнтамі, дзе выкладаў. Пісьменнік аддзячыў літаратуразнаўца, але адзначыў, што, на жаль, гэтую сцяну ім не прабіць.
Раман і сёння прабівае сцены, але муры бескультур'я і абыякавасці да гісторыі, да мовы, да мастацтва... Давайце разам прабіваць гэтыя сцены! Прыемнага чытва!

Комментарии


Вялiкi дзякуй за такi прыгожы водгук