Больше рецензий

25 февраля 2017 г. 21:01

482

5 Рэцэнзія не пра тое...

Прачытаў "Возера радасці" Віктара Марціновіча і вырашыў напісаць рэцэнзію, але хочаш-не хочаш вяртаюся да яго папярэдняй кнігі. У свой час "Мова" так уразіла, што стала зразумелым - немагчыма выказаць адразу ўсё што трэба тымі словамі, якія ўзнікаюць у галаве, бо гэта будзе ўсё роўна не тое. І толькі калі загарнуў апошнюю старонку "Возера...", параўнаўшы гэтыя дзве кнігі, магу сцвердзіць гэтым водгукам усю значнасць "Мовы", а пра хібы "радаснай" кнігі, відаць, напішу пазней...
Нядаўна "Мова" выйшла на нямецкай, і нехта з тамтэйшых крытыкаў параўнаў яе з раманамі "1984" і "451 градус па Фарынгейце". Такія думкі ўзнікалі з моманту прачытання і ў мяне, але не хапала духу выказацца, але хутчэй усвядоміць велічыню твора беларускана аўтара. Сапраўды, будучыня Беларусі ў складзе Расійска-Кітайскай дзяржавы, дзе знішчылі мову і яе распаўсюджваюць як наркотык, уражвае не меней за антыўтапічны свет Д.Оруэла ці спаленыя кнігі Р.Брэдберы. Вось на што былі гатовы "моўныя" героі, каб раздабыць цыдулку з беларускімі словамі (параўнайце, як шануем мову мы):

... прайшоў літаральна метр, і тут нешта няслаба шарахнула мяне па спіне. Нейкая надзвычайная сіла амаль прыўзняла мяне над тратуарам, а потым спіну моцна штурхнула наперад, так што я дзюбануўся зубамі аб зямлю і праехаўся некалькі метраў на жываце... першым быў грукат, як быццам нехта дзёр напільнікам па жалезе... бачком на асфальце ляжаў матацыкл "Honda Shark", за ім быў шлейф з падранай пластмасы і сарваных ад сутыкнення з зямлёй дробных частак. А вакол ужо мітусіліся два кітайчыкі, абодва мелі тып асобы "Adidas Basics", але ўбраныя былі ў чорныя гарнітуры. Вось адзін з іх завёў матацыкл, другі ўскочыў яму за спіну, матацыкл ірвануў з месца і літаральна ў апошнюю долю секунды пасажыр падхапіў з зямлі (мабыць, каб не пакідаць доказаў) нешта доўгае, нейкую ці то палку, ці то... Аёй! Гэта ж вуда для рыбы!

Стыль В.Марціновіча пазнавальны. Ён лёгкі і шчыры, як "Няхай пагавораць" А.Малахава, і ў той жа час інтэлектуальна насычаны, як кнігі В.Пялевіна ці С.Мінаева (проста гэтыя аўтары былі для мяне першаадкрывальнікамі сучаснай прозы, адрознай ад школьнай класічнай). Мне падаецца, што меладраматычнай гісторыі "Возера радасці" як раз не хапае канцэптуальнасці, бо гісторыя з маці-ахоўніцай, якая закутая сном, павольна адыходзіць на другі план у ток-шоу. "Мова" не мінае тэм сацыяльна актуальных, і ў той жа час усе дзеянні сцэнарнага шоу падначалены адной канцэпцыі, якая ў "Возеры..." відавочна слабая.

Сям'я як схема адносінаў між людзьмі загнулася не дзесяць і не дваццаць гадоў назад. Насамрэч сям'ю забілі "Бітлз", сэксуальная рэвалюцыя, Вудстак, 1960-я – 1970-я і прэзерватывы. У дваццатым стагоддзі людзі проста не зразумелі, што яны вынайшлі... Першай небяспеку адчула каталіцкая царква – перад тым, як канчаткова сканаць, прыціснутая новымі гламурнымі вераваннямі, яна спрабавала забараніць прэзерватывы...

Стыль В.Марціновіча заўсёды вабіць адсылкамі да гісторыі, да іншых аўтараў. Так у "Мове" постмадэрнічная гульня з перакладамі шэкспіраўскіх санетаў У.Дубоўкам да гэта часу не пакідае раўнадушным чытача. Да таго мне прыемна з кожнай кнігі па кавалачках збіраць Мінск, дзе нарадзіўся і вырас, як літары на адным з будынкаў на Плошчы Перамогі.

Я тулюся ў сціпленькай старой кватэрцы, якая засталася мне ад бацькоў. Кватэра – у празрыстым дамку ў гістарычным цэнтры Мінска ў межах першай кальцавой дарогі. Побач крама "Детский миръ" і вуліца Я.Коласа, названая ў гонар хлебаробаў Паўночна-заходніх тэрыторый, што збіраюць каласы, з якіх вырабляецца хлеб.

Заўважна, што аўтар любіць гуляць са словам і дорыць нам адмысловы густоўны сцёб.

На даху майго дома счарнелыя ад часу літары "ДВИГ НАРОДА". Калі прыйшлі кітайцы, яны адразу адчулі сакральны характар круглага пляца, але зразумелі яго – як яны заўсёды ўсё разумеюць – дужа па-свойму. Яны зрабілі тут "плошчу Мёртвых". Дзякуючы нашым пантэістычным братам, кошты на нерухомасць у квартале катастрафічна абрынуліся. А я ж памятаю, бабуля апавядала, што некалі раён быў нават прэстыжным, а барэльефы з галубямі на суседнім доме сімвалізавалі, што ў ім месціліся рэзідэнцыі дыпламатаў.

Фінал кнігі з тэрарыстычным захопам будынку тэлекампаніі на вул. Камуністычнай мне не спадабаўся, а як можа быць інакш для чалавека, які працуе на тэлебачанні? Гэта як заслужаную Нобелеўскую прэмію Святланы Алексіевіч па літаратуры не ўпрыгожвае яе прамова ў Швецыі пра рэвалюцыйную моладзь, якая гатова выйсці на плошчу ў Мінску. Ну не гатова яна... Але зараз нават не пра тое, а пра вырашэнне канфлікту, якое ў В.Марціновіча я не знаходжу ні арыгінальным, ні цікавым. Ён нібы выбіваецца з агульнай канцэпцыі, якая сама па сабе і арыгінальная, і цікавая. Але не буду паўтарацца. Ды і што паўтараць? Відаць, я зноў напісаў не зусім тое, што хацеў. Аднак гэта не ўплывае на кнігу, якую раю прачытаць і скласці сваё адназначнае ўражанне, што ў мяне не атрымалася.

Комментарии


Отличная рецензия! Хотелось давно почитать, а тут еще сравнение с Оруэллом- одним из любимых писателей...


Дзякуй, паважаны Sopromat! Калі Вы памятаеце, як распраўляліся з памяццю пра гістарычныя падзеі ў Оруэла, то Вам, мяркую, будзе цікава зазірнуць у кнігу Марціновіча, дзе распраўляюцца з мовай. І ўрывак пра Якуба Коласа толькі адзін з прыкладаў пра забарону распаўсюджваць беларускія кніжкі.


Адзінае, што смуціла, - гэта параўнанне шчырасці і лёгкасці кнігі з папулярным шоу А. Малахава. Ці гэта быў сарказм?


Шаноўная Рына, у "Возеры радасці" В.Марціновіч пайшоў далей і сцябецца ўжо адкрыта з ток-шоу на прыкладзе ці то "Контураў", ці то "Выбара"... Вось у яго сапраўдны сарказм, а я так... пажартаваў...