Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

22 октября 2017 г. 15:04

58

4

Макс Шчур абраў для сябе шлях, які ўмоўна можна назваць «еўрапеізацыяй беларускай літаратуры». Шэраг пісьменнікаў яго пакалення свядома ўзялі арыентацыю на еўрапейскую (заходнюю) літаратуру (тут можна згадаць, напрыклад, Вальжыну Морт). Гэтыя творцы не абмежаваліся вывучэннем еўрапейскіх моваў і засвойваннем набыткаў еўрапейскай літаратуры, але і самі або з'ехалі за мяжу, або большую частку свайго жыцця праводзяць па-за межамі сваёй радзімай.

Макс Шчур жыве побач з чэшскай Прагай. Вандруе па кавярнях, сталымі наведнікамі якіх былі любімыя чэшскія пісьменнікі, сябруе з прадстаўнікамі беларускіх дыяспараў ва ўсім свеце, шмат перакладае і працягвае актыўна пісаць паэзію і прозу.

Кніга «Ліст, знойдзены на папялішчы», напісаная ў чэшскай Празе, выйшла ў выдавецтве Віталя Воранава ў польскай Познані. І ў гэтым бачыцца пэўны сімвалічны знак еўрапейскай інтэграцыі белліту. Хаця, канешне, падобным беларускім выданням нялёгка трапляць на сваю гістарычную радзіму.

Проза Макса Шчура, у адрозненні ад паэзіі, аказалася хутчэй традыцыйнай, чым мадэрнісцкай. Сам аўтар у прадмове да кнігі напісаў, што ў некаторых тэкстах ён свядома ці падсвядома нешта запазычваў у кагосьці з любімых аўтараў. Апавяданні Шчура не назавеш залішне эксперыментальнымі, хоць аўтар нярэдка знаходзіць небанальныя постмадэрныя формы, але пры гэтым змест яго апавяданняў застаецца досыць празрыстым. Маладыя беларускія празаікі пакалення Макса Шчура, якія засталіся на Бацькаўшчыне, такія як Зміцер Вішнёў, Ілля Сін, Аляксей Талстоў, пішуць значна складаней, часам на столькі, што чытачу трэба разблытваць моўна-сэнсавыя рэбусы, каб што-кольвечы зразумець. У Еўропе так пісалі хутчэй у эпоху мадэрнізму напачатку ХХ стагоддзя. Сённяшні еўрапейскі пісьменнік больш арыентуецца на чытача, чым на нейкія мастацкія задачы. Пісаць толькі для высокалобых інтэлектуалаў насмельваюцца адзінкі.

У гэтым сэнсе проза Макса Шчура патрапляе ў сённяшні еўрапейскі мэйнстрым. Яна сюжэтная, самаіранічная, небрутальная, хоць і не абмінае некаторыя табуяваныя тэмы. У паслямове да кнігі літаратуразнавец Юнэля Сальнікава гэтую лёгкасць і самаіронію назвала вынікам вялікай працы, маўляў, аўтар «гадзінамі адшліфоўвае радкі, а потым называе гэта графаманствам».

Новая кніга Макса Шчура сведчыць і пра тое, што яе аўтар набыў не абы які жыццёвы вопыт і досвед, вандруючы па еўрапейскім сталіцам. І гэты вопыт, безумоўна, яшчэ матэрыялізуецца ў новыя кнігі беларускага пісьменніка, які жыве ў чэшскай Празе.