Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

12 ноября 2017 г. 00:06

87

5

Уладзіслаў Ахроменка стварыў бадай што асобны жанр у беларускай літаратуры. Мне наваць цяжка вызначыць яму назву. Гэта нейкі сплаў Мрыя, Зошчанкі, Ільфа і Пятрова і нават часопіса “Вожык”. Калі абіраць з гэтага пераліку кагосьці аднаго, то відавочна ім будзе А. Мрый, а менавіта ягоны твор “Запіскі Самсона Самасуя”. Пасля таго, як аўтара гэтага твора сталінскія літаратуразнаўцы знішчылі фізічна, то ў беларускіх пісьменнікаў на доўгія гады знікла жаданне пісаць штосьці падобнае. Мрый у сваім творы ў гумарыстычнай і саркастычнай форме намаляваў калектыўны партрэт таго чыноўнічага класу, які пачаў нараджацца напачатку паўставання Савецкага Саюза. Бесхрыбетнага, малаадукаванага, гатовага выконваць любыя загады. Бадай першым творам, які можна лічыць спадкаемцам Мрыеўскага “Самасуя” як раз з'язляецца кніга “Здані і пачвары Беларусі”, якую Ахроменка выдаў у саатарстве з Максімам Клімковічам пад псеўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр. Пачалася адліга, развальваўся Савецкі Саюз і з’явілася магчымасць напісаць і выдаць штосьці падобнае.

Новая кніга Уладзіслава Ахроменкі “Музы і свінні” працягвае справу “Зданяў і пачвараў”. Толькі калі папярэдні зборнік складаўся з невялічкіх тэкстаў, якія больш падобныя да сацыяльных анекдотаў, то ўжо кнігу “Музы і свінні” складаюць поўнавартасныя апавяданні – з сюжэтам, з шэрагам герояў, з дакладным месцам падзеяў і адмысловай кульмінацыяй аповеду. Ахроменка ў гэтых тэкстах дэманструе і сваё стылістычнае майстэрства, і сваю эрудыцыю, і добрае веданне спецыфікі розных прафесій, звязаных з мастацтвам, напрыклад, балетам. Тут варта нагадаць, што Ахроменка скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе фартэпіяна і нават дасягнуў пэўнага поспеху на шляху кар’еры піаніста. Але раптам вырашыў крута змяніць свой лёс і падаўся ў пісьменнікі.

Гэта досыць рэдкі выпадак для беларускай літаратуры, звычайна яна рэкрутуе сабе папаўненне з выпускнікоў філфакаў і журфакаў.

Трэба сказаць, што чалавек, які па-ранейшаму знаходзіцца ў сілавым полі таго страху, які панаваў у грамадстве Савецкага Саюза, можа і перапужацца, калі возме ў рукі гэтую кнігу і пачне чытаць. Бо тут ёсць такія тэксты, якія пададуцца яму надзвычайнай крамолай, за якую свеціць як мінімум крымінальны артыкул, і нават чытаць гэта – вялікая рызыка. Што тут скажаш? Напэўна такія кнігі і ствараюцца, каб дапамагаць людзям той страх з сябе выціскаць. Перасільце сябе і паспрабуйце прачытаць гэтую вясёлую кнігу. І можа ў вас атрымаецца пасмяяцца і над яе героямі, і над самім сабой.