Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

13 ноября 2017 г. 14:37

526

4

Некалі, яшчэ ў 80-ыя гады, Анатоль Сыс мне сказаў, што калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. “Вось я, - працягваў свае філасофскія развагі паэт ,– калі б заняўся рок-музыкай, дык вельмі хутка набыў бы папулярнасць”. І паэт зрабіў некалькі рухаў рукамі, нібыта ён грае на гітары.

Гэта зразумела быў жарт, хаця, як кажуць, у любым жарце ёсць пэўная доля праўды.

Славуты беларускі рок-музыка Лявон Вольскі без ніякіх жартаў выдаў зборнік сваёй прозы “Міларусь”. Праўда, гэта не першая кніга Лявона, раней пабачылі свет некалькі яго паэтычных зборнікаў.

Лявон Вольскі паходзіць з сям’і пісьменнікаў – і бацька ягоны быў пісьменьнікам, і дзед. Таму, як прызнаецца Лявон, пісаць – гэта яго “спадчынная звычка”.

Проза Вольскага чытаецца лёгка. Яна не абцяжарана ніякімі лірычнымі, філасофскімі, стылістычнымі або нейкімі іншымі нагрувашчваннямі. Яна апавядальная. Штосьці на ўзор, калі дасціпны, разумны чалавек лёгка і іранічна апавядае вясёлыя, дзіўныя, часам страшныя гісторыі. І пры гэтым яна выразна ўрбаністычная. Практычна ўсе падзеі ў прозе Вольскага адбываюцца ў горадзе. Галоўны герой – пераважна творчая асоба, якая ўступае ў канфлікт з акаляючым асяроддзем, або з тымі ўмовамі, правіламі, звычаямі, якія спарадзіла грамадства. Некаторыя апавяданні вельмі падобныя да прытчаў, гэты жанр стаў папулярны ў Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя, дастаткова згадаць прытчы Васіля Быкава і Янкі Сіпакова. Іншыя апавяданні можна назваць гарадскім фальклорам, калі ў творах паўстаюць дзіўныя мітычныя істоты, якія незаўважна жывуць у горадзе поруч з людзьмі і час ад часу даюць пра сябе знаць.

Але бадай асноўная асаблівасць прозы Вольскага палягае ў тым, што яго літаратурныя героі, як у вядомай песні NRМ «Менск-Мінск», жывуць адначасова ў двух гарадах. І канфлікт з акаляючым асяроддзем тлумачыцца немагчымасцю гарманічнага суіснавання гэтых двух гарадоў. Героі празаічных твораў Вольскага перыядычна ўступаюць у няроўную барацьбу за свае ідэалы і перакананні. І ў адрозненні ад галівудскіх фільмаў, яны, як правіла, гінуць. А тыя, хто выжывае, як мантру цвердзяць словы аднаго з герояў апавядання “Новая кватэра Казіміра”: “Паасобку мы згубімся ў гэтым варожым нам горадзе”.

Ну а напрыканцы трэба дадаць, што Лявон Вольскі да ўсяго іншага аздобіў сваю першую кнігу прозы шматлікімі ўласнымі малюнкамі. І такое ўражанне, што ён змог бы свае творы таксама экранізаваць. Калі ўжо быць таленавітым – дык ва ўсім.