Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

13 ноября 2017 г. 22:16

489

4

“Стапеліі” можна назваць своеасаблівым выбраным паэтычнай творчасці Віктара Жыбуля. Бо першая версія гэтай кнігі з’явілася яшчэ ў 1998 годзе і называлася “Фініта ля трагедыя”. З часам да яе дадаліся новыя вершы, некаторыя, якія падаліся аўтару слабымі, - зніклі. Змянілася і назва. Стапеліі – гэта паўднёваафрыканскія кветкі, “вельмі эстэтычныя” з выгляду, але са спецыфічным малапрыемным пахам, які нагадвае гнілое мяса. У такі спосаб кветкі заваблівае да сябе мух, патрэбных для апылення, каб падоўжыць сваё жыццё ў новых пакаленнях.

Віктар Жыбуль заваблівае чытачоў да сваіх кніг не кепскімі пахамі, а паэзіяй, поўнай нечуванымі метафарамі, фантастычнымі вобразамі і іранічнай, часам блазнаватай, інтанацыяй.

Паэтычныя кнігі Віктара Жыбуля цікава чытаць нават чалавеку, які далёкі ад паэзіі і апошні раз чытаў вершы па прымусу - у школе.

“Стапеліі” бадай найлепшая кніга паэта. Шкада, што яна выйшла ў такім кішэнным, малым фармаце. Хаця можа ў сённяшнім імклівым часе гэта і перавага – кнігу лёгка можна ўзяць з сабой у падарожжа, або пры пераездзе з адной кватэры на другую. Паклаў сабе ў кішэнь і ведаеш, што ў любы час можаш падняць сабе настрой, прачытаўшы тузін вершаў пра шкілетаў, асінавы кол, або пра гадзіннік, які сыходзіць з рэек.

Часам вершы Жыбуля падаюцца такімі дзіцячымі абсурдэлькамі, дзе няма ніякага сэнсу, а толькі палёт фантазіі і моўная эквілібрыстыка. Насамрэч, за гэтай буфанаднай формай хаваецца сур’зны змест.

Дзе мы, дзяры нас дэман туды й сюды, і ўвогуле хто мы?
Ці тытаны, якія працуюць без стомы, ці проста фантомы?

І яшчэ варта адзначыць высокі версіфікацыйны ўзровень паэзіі Віктара Жыбуля. Дакладнасць у рытміцы, ніводнага фальшывага, непатрэбнага слова ў радку, цудоўныя, незацяганыя рыфмы.

У Віктара Жыбуля нават ёсць свая ідэя, як бараніць родны край. Яе ён апісаў у вершы “У выведку – з песняй”

Мы йдзем у выведку з песняю,
і пляваць, што ворагі нас пачуюць.
Мы заспяваем яшчэ гучней,
заравем пра ваенную таямніцу,
загарланім на ўсю моц,
дзмухнем у трубы,
грымнем у барабаны.
Ворагі спалохаюцца,
усё пераблытаюць –
і заваююць не тую краіну.